на главную | войти | регистрация | DMCA | контакты | справка | donate |      

A B C D E F G H I J K L M N O P Q R S T U V W X Y Z
А Б В Г Д Е Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я


моя полка | жанры | рекомендуем | рейтинг книг | рейтинг авторов | впечатления | новое | форум | сборники | читалки | авторам | добавить



ПРА СУЧАСНАСЦЬ

— Пуцінскія нулявыя… Якія яны? Тоўстыя… шэрыя… брутальныя… чэкісцкія… гламурныя… стабільныя… дзяржаўныя… праваслаўныя…

— Расія заўсёды была, ёсць і будзе імперыяй. Мы не проста вялікая краіна, мы асобная руская цывілізацыя. У нас свой шлях.

— Захад і цяпер баіцца Расіі…

— Вось нашы прыродныя багацці патрэбныя ўсім, і асабліва — Еўропе. Адкрыйце энцыклапедыю: па запасах нафты сёмае, а газу — у нас першае месца ў Еўропе. Адно з першых месцаў па запасах жалезнай руды, уранавай сыравіны, волава, медзі, нікелю, кобальту… І алмазаў, і золата, і срэбра, і плаціны… валодаем усёй табліцай Мендзялеева. Мне адзін француз так і заявіў: а чаму гэта ўсё вам належыць, зямля ж агульная?

— Усё-такі я імперыяліст, так. Я хачу жыць у імперыі. Пуцін — мой прэзідэнт! Лібералам цяпер сорамна быць, як нядаўна сорамна было называцца камуністам. Мужыкі каля піўнухі могуць у галаву даць.

— Ненавіджу Ельцына! Мы яму верылі, а ён павёў нас зусім у невядомым накірунку. Ні ў які дэмакратычны рай мы не трапілі. А трапілі туды, дзе яшчэ страшней, чым было.

— Справа не ў Ельцыне і не ў Пуціне, а ў тым, што мы — рабы. Рабская душа! Рабская кроў! Паглядзіш на «новага рускага»… Ён з «Бэнтлі» вылазіць, у яго грошы з кішэняў сыплюцца, а ён раб. Наверсе сядзіць пахан: «Ідзіце ўсе ў стойла!» І ўсе пойдуць.

— Я чуў па тэлевізары… «У цябе ёсць мільярд? — спытаў спадар Палонскі. — Не?! Тады пайшоў ты ў дупу!» Я з тых, каго спадар алігарх паслаў у дупу. Звычайная сям’я: бацька спіўся, маці ў дзіцячым садку за капейкі працуе. Мы для іх гаўно, угнаенне. Я хаджу на розныя тусоўкі. Да патрыётаў, нацыяналістаў… Слухаю. Прыйдзе час, і хтосьці абавязкова дасць мне ў рукі вінтоўку. І я вазьму.

— Капіталізм у нас не прыжываецца. Чужы нам дух капіталізму. Далей за Маскву ён не распаўсюдзіўся. Клімат не той. І чалавек не той. Рускі чалавек не рацыянальны, не меркантыльны, можа кашулю апошнюю аддаць, але часам украдзе. Ён стыхійны і больш сузіральны, як дзейсны, можа здавольвацца малым. Назапашванне — не ягоны ідэал, яму сумна збіраць. У ім вельмі абвостранае пачуццё справядлівасці. Народ — бальшавік. А яшчэ рускі чалавек не хоча проста жыць, ён хоча жыць дзеля чагосьці. Ён хоча ўдзельнічаць у вялікай справе. У нас хутчэй знойдзеш святога, чым сумленнага і паспяховага. Чытайце рускую класіку…

— Чаму, калі нашыя людзі з’язджаюць за мяжу, яны там нармальна ўпісваюцца ў капіталістычнае жыццё? А дома ўсе любяць пагаварыць пра «суверэнную дэмакратыю», пра асобную рускую цывілізацыю і пра тое, што «ў рускага жыцця няма асновы для капіталізму».

— У нас капіталізм няправільны…

— Кіньце надзеі на іншы капіталізм…

— У Расіі капіталізм быццам бы ёсць, а капіталістаў няма. Няма новых Дзямідавых, Марозавых… Рускія алігархі — гэта не капіталісты, а проста злодзеі. Ну якія могуць быць капіталісты з былых камуністаў і камсамольцаў? Мне Хадаркоўскага не шкада. Хай сядзіць на нарах. Шкада толькі, што ён адзін там сядзіць. Павінен жа нехта адказаць за тое, што я перажыў у дзевяностыя. Абабралі да ніткі. Зрабілі беспрацоўным. Капіталістычныя рэвалюцыянеры: Гайдар, жалезны Віні-Пух… рыжы Чубайс… Ставілі эксперыменты на жывых людзях, як натуралісты…

— Ездзіў у вёску да маці. Суседзі расказалі, што нехта падпаліў ноччу сядзібу фермера. Людзі ўратаваліся, згарэла жывёла. Вёска піла ад радасці два дні. А вы кажаце: капіталізм… У нас пры капіталізме жывуць сацыялістычныя людзі…

— Пры сацыялізме мне абяцалі, што месца пад сонцам хопіць усім. Цяпер кажуць іншае: жыць трэба паводле законаў Дарвіна, тады ў нас будзе заможнасць. Багацце для моцных. А я — са слабых. Я — не змагарка… У мяне была схема, я прывыкла жыць па схеме: школа, інстытут, сям’я. Збіраем з мужам на кааператыўную кватэру, пасля кватэры — на машыну… Схему зламалі. Нас кінулі ў капіталізм… Паводле адукацыі я інжынер, працавала ў праектным інстытуце, яго яшчэ называлі «жаночым інстытутам», таму што там былі адны жанчыны. Сядзіш і складваеш цэлы дзень паперкі, я любіла, каб акуратна, стосікам. Так бы і праседзела ўсё жыццё. А тут пачаліся скарачэнні… Не чапалі мужчын, іх было мала, і маці-адзіночак, і тых, каму да пенсіі застаўся год ці два. Вывесілі спісы, я ўбачыла сваё прозвішча… Як жыць далей? Разгубілася. Мяне жыць паводле Дарвіна не вучылі.

— Доўгі час спадзявалася, што знайду працу па спецыяльнасці. Я была ідэалістка ў тым сэнсе, што не ведала свайго месца ў жыцці, сваёй цаны. Мне да гэтага часу не хапае дзяўчатак з майго аддзела, іменна дзяўчатак, нашых гаворак. Праца ў нас была на другім плане, а на першым — зносіны, такая сабе душэўная балбатня. Разы тры на дзень мы пілі гарбату, ну і кожная распавядала пра сваё. Адзначалі ўсе святы, усе дні нараджэння… А цяпер… Хаджу на біржу працы. Безвынікова. Патрабуюцца маляры, тынкоўшчыкі… Мая сяброўка, мы разам у інстытуце вучыліся, прыбірае дом у адной бізнесвумэн, сабаку выводзіць… Прыслуга. Першы час яна плакала ад прыніжэння, а цяпер прывыкла. А я не магу.

— Галасуй за камуністаў — гэта крута.

— Усё-ткі нармальнаму чалавеку сталіністаў не зразумець. Сто гадоў Расіі кату пад хвост, а яны: слава савецкім людаедам!

— Рускія камуністы ўжо даўно не камуністы. Прыватная ўласнасць, якую яны прызналі, і камуністычная ідэя несумяшчальныя. Я магу сказаць пра іх, як Маркс казаў пра сваіх паслядоўнікаў: «Я ведаю толькі адно, што я не марксіст». А яшчэ лепш выказаўся Гейнэ: «Я сеяў драконаў, а жну блох».

— Камунізм — будучыня чалавецтва. Альтэрнатывы няма.

— На варотах Салавецкага лагера вісеў бальшавіцкі лозунг: «Жалезнай рукой загонім чалавецтва ў шчасце». Адзін з рэцэптаў выратавання чалавецтва.

— Ніякага жадання ісці на вуліцу і рабіць нешта. Лепш нічога не рабіць. Ні дабра, ні зла. Тое, што сёння — дабро, заўтра выявіцца — злом.

— Найбольш страшныя людзі — гэта ідэалісты…

— Я люблю Радзіму, але жыць тут не буду. Я не змагу тут быць такім шчаслівым, як я хачу.

— Можа, я ідыётка… Але я не хачу з’язджаць, хоць магу.

— І я не паеду. У Расіі весялей жыць. Гэтага драйва няма ў Еўропе.

— Лепш любіць нашую Радзіму здалёк…

— Сёння сорамна быць рускім…

— Нашыя бацькі жылі ў краіне пераможцаў, а мы ў краіне, што прайграла халодную вайну. Ганарыцца няма чым!

— Валіць не збіраюся… У мяне тут бізнес. Я магу дакладна сказаць, што нармальна жыць у Расіі можна, толькі не трэба лезці ў палітыку. Усе гэтыя мітынгі за свабоду слова, супраць гамафобаў — мне па барабану…

— Усе гавораць пра рэвалюцыю… Вунь Рублёўка абязлюдзела… Багатыя бягуць, капіталы выводзяць за мяжу. Зачыняюць свае палацы на ключ, поўна аб’яваў: «Прадаю…» Адчуваюць, што народ рашуча настроены. А ніхто нічога добраахвотна не аддасць. Тады загавораць калашнікавы…

— Адны гарлапаняць «Расія — за Пуціна!», а іншыя — «Расія без Пуціна!»

— А што будзе, калі нафта патаннее ці стане зусім непатрэбнай?

— 7 мая 2012 года. Па тэлевізары паказваюць: урачысты картэж Пуціна едзе ў Крэмль на інаўгурацыю па зусім пустым горадзе. Ні людзей, ні машын. Узорная зачыстка. Тысячы паліцэйскіх, вайскоўцаў і байцоў АМАПу дзяжураць каля выхадаў з метро і каля пад’ездаў. Вычышчаная ад масквічоў і вечных маскоўскіх пробак сталіца. Мёртвы горад.

Цар жа — несапраўдны!


ПРА МІНУЛАЕ | Час second-hand | ПРА БУДУЧЫНЮ